Палацава-паркавы комплекс Булгакаў (Жылічы)
Жылічы
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў — помнік архітэктуры позняга класіцызму ў в. Жылічы (каля в. Добасна), Кіраўскі раён. Сфармаваны ў XVIII—XIX стагоддзях. Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння[1].
Палацава-паркавы комплекс | |
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў | |
---|---|
![]() | |
53°09′20,76″ пн. ш. 29°41′21,4″ у. д.HGЯO | |
Краіна | ![]() |
Вёска | Жылічы |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Архітэктар | Клабукоўскі, К. Падчашынскі |
Заснавальнік | І. Булгак |
Дата пабудовы | 1830-я |
Будынкі | |
палац • гаспадарчыя пабудовы • парк | |
Статус | ![]() |
Стан | рэстаўруецца |
![]() |
Гісторыя


Рэзідэнцыя заможнага шляхціца, бабруйскага павятовага маршалка Ігната Булгака, (1798—1848) у в. Жылічы пабудавана ў 1830-я гады па яго заказе[2] па праекце архітэктара К. Падчашынскага на беразе р. Добасны[1].
Палац будаваўся ў два прыёмы: спачатку быў узведзены галоўны П-падобны корпус, а ў 1864—1876 гг. да яго прыбудавалі доўгае двухпавярховае крыло з палацавай царквой і дадатковымі жылымі памяшканнямі[2]. Такое архітэктурнае рашэнне ўтварыла напаўадкрыты ўнутраны двор[2]. Паводле некаторых звестак, заходняя частка палаца была дабудаваная ў 1914 годзе[1].
Першымі работамі з 1825 года кіраваў вучань Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Клабукоўскі[3].
У 1848 пасля смерці Ігната Булгака маёнтак перайшоў да яго малодшага сына Эдгара. Пры ім быў дабудаваны палац — з'явіліся два аднапавярховыя флангі з царквой, аранжарэяй[2] і службовымі памяшканнямі. Будаўніцтвам, верагодна, кіраваў Караль Падчашынскі[3][4].
Апошні уладальнік маёнтка, пляменнік Эдгара Эмануэль Булгак, памёр у Польшчы ў міжваенны час. Пасля рэвалюцыі тут размяшчаўся дзіцячы дом, у 1930-х гадах — заатэхнічны тэхнікум. Падчас Вялікай Айчыннай вайны было разабрана паўднёвае крыло пабудовы, у якім знаходзілася аранжарэя[4]. Палац ператварылі ў шпіталь, а ў парку хавалі памерлых салдат[5].
Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў палацы знаходзілася Бабруйская трохгадовая агранамічная школа. Пасля таго, як для яе быў пабудаваны новы будынак, палац пачаў прыходзіць у запусценне. На першым паверсе засталася бухгалтэрыя з аддзелам кадраў[1]. У 1973 годзе архітэктар Я. Курто распрацаваў праект рэстаўрацыі, які ў далейшым быў рэалізаваны[6]. Зараз тут размешчаныя краязнаўчы музей і музычная школа, арганізаваныя ў 1996 годзе[1].
Да нашага часу захаваліся палац, флігель, свіран і іншыя гаспадарчыя пабудовы, парк. Гаспадарчыя пабудовы часткова выкарыстоўваліся ў адпаведных мэтах, астатнія разбураліся[1].
Рэстаўрацыя комплексу была распачата ў 2009 годзе, планавалася завяршыць яе да 2015 года. У палацы мусяць размесціцца музейная экспазіцыя, міні-гасцініца і сельская бібліятэка[7].
Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года №437 Палацава-паркавы комплекс быў уключаны ў лік 27 аб'ектаў, капітальныя выдаткі на захаванне якіх могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[8].
Архітэктура
Рэзідэнцыя ўяўляла сабой даволі вялікі добра спланаваны палацава-паркавы ансамбль. Акрамя палаца з паркам, у яго склад уваходзілі вялікія пладовыя сады, агароды, вадаёмы, дзе вялася рыбная гаспадарка. Быў вялікі гаспадарчы двор, вадзяны млын, вінакурня, крухмальны і цукровы заводы[1].
Палац
Палац — у плане прамавугольнік з калонным порцікам на галоўным фасадзе і прамавугольным рызалітам на паркавым фасадзе. Галоўны корпус вылучаны ў цэнтры шасцікалонным порцікам карынфскага ордара[2] з франтонам, дэкараваным ляпным гербам[3], і бельведэрам над лесвічнай клеткай. Тарцы галоўнага корпуса аформлены ідэнтычнымі чатырохкалоннымі порцікамі. Па перыметры будынка праходзіць развіты карніз з фрызам, упрыгожаным ляпнымі гірляндамі і разеткамі[1].
Галоўны фасад бакавога корпуса прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі і ўпрыгожаны каланадай. Цэнтр вылучаны двухпавярховым аб'ёмам дамавой капліцы. Планіроўка змешаная, калідорна-анфіладная[1][2].
Інтэр’ер
Распрацоўку унутраных памяшканняў прыпісваюць таксама Клабукоўскаму[3]. Унутранае аздабленне насычана[2] ляпнінай, дробнай скульптурнай пластыкай, роспісамі, пазалотай, люстэркамі, дэкаратыўнай абіўкай. У дэкоры выкарыстаны ампірныя элементы: буйныя фрызы, панэлі з барэльефнымі антычнымі сцэнамі[1]. Кожны са 100 пакояў[3] дэкарыраваны індывідуальна. На другім паверсе паўднёвага крыла галоўнага корпуса вылучаецца прамавугольная ў плане парадная зала, расчлянёная калонамі на 3 часткі. Зала дэкарыравана шырокім шматфігурным барэльефным фрызам з сюжэтамі на тэмы палявання, бою, ахвярапрынашэння. Калоны і пілястры маюць пазалочаныя капітэлі. Асноўны пластычны эфект стварае кесаніраваная столь з багата арнаментаванай ляпнінай. Падлога паркетная, печкі абліцаваны кафляй[1].
Тадэвуш Раствароўскі па заказе гаспадароў сядзібы аздобіў плафоны залаў палаца сцэнамі з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі.
Парк
Палац з'яўляецца цэнтрам кампазіцыі ансамбля, замкнутага ў выцягнуты з усходу на захад[4] прамавугольнік алеямі рэгулярнага парку. Плошча парку 18 га[2], а ўсяго комплексу з вадаёмамі, пладовымі садамі, падсобнымі збудаваннямі — каля 100 га. Раўнінную частку парку перасякае р. Добасна з маляўнічымі сажалкамі і астравамі. Захаваліся руіны павільёна-купальні, альтанак, мосцікаў. Перад галоўным фасадам палаца парк мае рэгулярны характар і партэрнае азеляненне, астатняя частка — пейзажны характар, створаны ў 1830-я гады, з разнастайнасцю насаджэнняў, у тым ліку экзотаў (напрыклад, хвоя веймутава (Pinus strobus), Acer saccharinum, Juglans cinerea, Tilia ×europaea і іншыя)[1][3].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ а б в г д е ё ж Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 349-350. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
- ↑ а б в г д е Палацава-паркавы комплекс Булгакаў (Жылічы) на сайце Radzima.org
- ↑ а б в Палацавая і сядзібна-паркавая архітэктура. Дваранскае памесце Жылічы
- ↑ Дворец Булгака Архівавана 23 сакавіка 2008.
- ↑ Мастацтва (архітэктура, жывапіс, скульптура, графіка) ў Кіраўскім раёне
- ↑ Первая очередь реставрации Жиличского дворцово-паркового ансамбля открыта в Кировском районе
- ↑ Постановление Совета Министров от 03.06.2016 № 437 О некоторых вопросах обеспечения сохранности историко-культурных ценностей Архівавана 24 лютага 2020.
Літаратура
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław – Warszawa – Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
- Федорук Анатолий Тарасович. «Садово-парковое искусство Белоруссии». Минск, «Ураджай», 1989 г. 247 страниц. ISBN 5-7860-0086-9.
- Памяць: гісторыка-дакумент. хроніка Кіраўскага раёна.-Мн.: Выш. шк., 1997.-С. 108—115.
Спасылкі
- "Жиличский Версаль" – інтэрнэт-праект Магілёўскай абласной бібліятэкі аб палацава-паркавым ансамблі Булгакаў.
- Палацава-паркавы комплекс Булгакаў (Жылічы) на сайце Radzima.org
- Палацава-паркавы комплекс Булгакаў (Жылічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Комплекс да рэстаўрацыі
- Комплекс у час рэстаўрацыі
- В Жиличах реконструируют дворцовый комплекс рода Булгаков Архівавана 1 лістапада 2017. (руск.)